У лiпенi 1941


З успамінаў Восіпа Сямёнавіча Ярошкі, жыхара в. Чырвоны Асавец

Гэта было 12 ліпеня 1941 г. На ўскраіне вёскі Рыжкаўка, каля балотца Крачык, зарослага хвойнікам, размясцілася артылерыйская батарэя адной з часцей 45-га стралковага корпуса. Яна рыхтавалася сустрэць агнём наступаўшага ворага. На дарозе Рыжкаўка — Красніца спачатку з'явіўся нямецкі матацыкліст, а потым цэлая калона танкаў. Батарэя адкрыла агонь. Ад першых жа снарадаў узляцеў у паветра матацыкліст, спыніліся і закруціліся на месцы некалькі падбітых фашысцкіх танкаў. А адзін з снарадаў трапіў прама ў аўтамашыну, у якой ехаў якісьці военачальнік. Фашысты адкрылі агонь. Пачаўся жорсткі бой жменькі савецкіх байцоў з танкавай часцю. Сведкай яго сталі многія жыхары Рыжкаўкі. На полі боя засталося многа забітых нямецкіх салдат і афіцэраў, падбітай тэхнікі. Чырвонаармейцы-артылерысты біліся з ворагам да апошняга патрона. Сярод іх была жанчына, мабыць, медык. Кінутай з-за ўкрыцця бутэлькай з гаручай вадкасцю яна падпаліла нямецкі танк, а потым забіла з пісталета афіцэра, які выскачыў а палаючай машыны. З такой жа мужнасцю змагаліся і іншыя. Лейтэнант-артылерыст заняў абарону ў пустой хаце. Ад яго трапных выстралаў знайшоў магілу не адзін фашыст. Ворагі ніяк не маглі ўзяць храбрага лейтэнанта. Тады яны зайшлі з тылу і падпалілі хату. Афіцэр-герой згарэў, але ворагу жывым не здаўся. Гэтак жа паступіў і радавы чырвонаармеец, які засеў у другой пустой хаце. Каля дарогі ў кювеце малады лейтэнант з перабітай нагой біў ворага, пакуль хапіла патронаў, а апошні пакінуў сабе. Вось так гераічна і самааддана абаранялі савецкія байцы нашу зямлю. Толькі цяжкапараненыя трапілі ў рукі ворагаў. Раз'юшаныя фашысты расстралялі іх групамі і па аднаму тут жа, у Рыжкаўцы. 15 радавых байцоў і малодшых камандзіраў пахаваў жыхар вёскі А.Д. Рабычын. Ён узяў іх дакументы, але яны не захаваліся, згарэлі разам з хатай. Каля хаты Е.Е. Шылікава фашысты расстралялі пяць чырвонаармейцаў і сярод іх тую мужную жанчыну ў медыцынскай форме. Яна ішла на расстрэл з горда ўзнятай галавой і ў перадсмяротную хвіліну крыкнула: «Памятайце, вораг будзе пераможаны!»


3 успамінаў Кандрата Іванавіча Мяркулава, былога начальніка артылерыі 771-га стралковага палка 137-й стралковай дывізіі

Раніцай 12 ліпеня 1941 г. наш полк займаў абарону каля в. Серадзінная Буда. Тут праціўнік высадзіў дэсант. Для знішчэння яго былі кінуты першы батальён, кавалерыйскі эскадрон і палкавыя батарэi. Амаль увесь дэсант быў знішчаны, некалькіх фашыстаў захапілі ў палон. Сярод іх асабліва запомніўся высокі рыжы яфрэйтар з закасанымі рукавамі. У яго планшэце ляжала карта, на якой стрэлкамі былі абазначаны маршруты на Маскву. Яфрэйтар на пытанні не адказваў, а толькі вадзіў па карце алоўкам у напрамку Масквы і крычаў: «Москаў капут!», «Сталін капут!», «Рус капут!» На досвітку наступнага дня полк з баямі выходзіў на рубеж Серадзінная Суда і Чырвоны Асавец. На гэтым участку завязаўся гарачы няроўны бой. Танкі праціўніка рваліся ўперад, а за імі на бронетранспарцёрах рухалася пяхота. Нашы артылерысты ўступілі ў адэінаборства з ворагам. Трапна стралялі байцы з дывізіёна капітана Панамарова, батарэі Пахлябаева, Гарбуглына, Цярэшчанкі, ствараючы магутную агнявую перашкоду праціўніку. Аднак вораг упарта паўтараў атаку за атакай. Нашы воіны праяўлялі цуды стойкасці, мужнасці і храбрасці. Пехацінцы з першай роты капiтана Асадчага ў час танкавай атакi ўзбіраліся на танкі праціўніка, закрывалi плашч-палаткамі назіральныя шчыліны, аблівалі варожыя машыны гаручым і пад-пальвалі. У крытычны момант, калі быў забіты кулямётчык, камандзір кулямётнай роты лейтэнант Паўлаў, які быў паранены ў галаву, лег за кулямёт. Трапным агнём ён адбіў атаку і з невялікай групай байцоў кінуўся ўперад і захапiў варожы бронетранспарцёр з буйнакаліберным кулямётам. Бой першага дня быў выйграны. Ледзь мінула ноч, як наша артылерыя і мінамёты адкрылі агонь па размяшчэнню праціўніка. Але і на нашы баявыя парадкі пасыпаліся снарады і міны, а праз некалькі мінут на полі зноў паказаліся танкі, самаходкі і транспарцёры з пяхотай. Вораг сканцэнтраваў асноўны ўдар на нашым флангу. На вялікай скорасці на наш назіральны пункт імчаўся танк. Радавы Чайка са звязкай гранат кінуўся яму насустрач. Некалькі напружаных секунд — і мы ўбачылі, як танк падскочыў, апісаў круг і спыніўся. Дзве нашы гарматы адкрылі агонь і падпалілі яго. З люка выскачылі гітлераўцы. Сяржант Радзюк і радавы Савін расстралялі іх з аўтаматаў. Надвячоркам пад прыкрыццём агню з усіх відаў зброi мы пачалі наступленне. Праціўнік пачаў адыходзіць. Асабліва паспяхова наступаў трэці батальён капітана Гарбунова. Праз гадзіну нашы падраздзяленні наблізіліся да в. Чырвоны Асавец. Адтуль выскачыла нямецкая легкавая аўтамашына. Каля яе ўзарвалася некалькi снарадаў, выпушчаных нашай палкавой батарэяй. Машына спынілася. Нашы разведчыкі кінуліся да яе і захапілі. Праз некалькі мінут камандзір узвода разведкі прынёс некалькі скураных партфеляў, у якіх знаходзіліся ваенныя паперы і стратэгічныя карты. Два дні полк вёў бой са значна пераўзыходзячымі сіламі гудэрыянаўскіх часцей. Знішчыўшы каля пяцідзесяці танкаў, самаходных гармат і транспарцёраў, каля двухсот салдат і афіцэраў, мы да зыходу другога дня занялі Чырвоны Асавец. А асобныя падраздзяленні выйшлі ў раён в. Сідаравічы і прасоўваліся да Дняпра. 624-ы стралковы полк, які наступаў справа, паспяхова авалодаў Будай. У Чырвоным Асаўцы мы з палітруком Навумавым звярнулі ўвагу на абгарэлы танк праціўніка. Недалёка ад яго ляжаў абпалены чырвонаармеец. Ён загінуў, але ворага не прапусціў. Мы знялі каскі, аддаючы даніну ўдзячнасці яго подзвігу...


Памяць. Историко-документальная хроника Быховского района. 1990г.